Рэйс за рэйсам, тону за тонай вяскоўцы жнуць і дастаўляюць сакавітыя травы ў запасы для кармавога стала жывёле. Гаспадаркі раёна поўнасцю вызвалілі ўчасткі з люцэрнай і працягваюць актыўна займацца сенам, сенажом і сіласам.
Станом на 2 ліпеня, згодна з раённай зводкай, план па нарыхтоўцы сена ў ААТ «Вазнясенск» выкананы на 99%. Больш за палову неабходнага запасілі гэты прадукт у «Отары» і «Звяздзе». У нарыхтоўцы сенажу лідарамі з’яўляюцца ААТ «Роўкавічы», а таксама «Звязда» і «Вазнясенск» – 57%, 56% і 49% ад плана адпаведна. Маторы тэхнікі гудзяць таксама каля сіласных ям – з ранку да вечара шчыруюць механізатары з «Отары» і «Залесся».
Наперадзе не менш насычаны аб’ём земляробчых задач – уборка траў другога ўкосу і кукурузы. Пакуль стаіць спрыяльнае надвор’е, кожная хвіліна працоўнага часу выкарыстоўваецца, каб выканаць прагнозныя паказчыкі і забяспечыць рагатае пагалоўе дастатковай колькасцю сакавітых і грубых кармоў – усё для таго, каб узімку жывёле было гарантавана сытная і каларыйная ежа.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ

